Я адвёў папа:
— А калі дамовімся...і дома?..
— Дома хай абодва ляжаць, — глянуўшы па баках, безвыходна ўздыхнуў поп. — Скуль я ведаю, хто і што ў некага дома... Хоць сабе ў труне.
Сакрат на ўсё быў згодны:”Ужо хоць так, хоць як... Няхай над сынам адслужыць, дык нешта і бацьку перападзе, ды і бабы адпяюць... А ксяндза, можа, і да лепшага няма, а то б упёрся: а каго, а ці таго хаваем? У труну б яшчэ палез — такі заядлы”.
Іх жа яшчэ і на розныя могілкі несці! Сына і бацьку на розныя могілкі...
— Казаў жа табе, чаму я не беларус, — буркнуў Казімір, калі я спытаў, як жа яно выглядаць будзе? — Быў бы свой Бог са сваёй царквой, дык і выглядала б усё па-боску і па-людску.
Учора, калі ён пра свайго Бога казаў, я не надта яго зразумеў, цяпер уцяміў...
Ва ўсіх нечаканых хаўтурных мітрэнгах чамусьці ўсім хацелася браць удзел, ніхто не заставаўся ўбаку, нават Лідзія Паўлаўна тэалагічны дыспут завяла з папом, які адказваў, гледзячы на
яе сумна і стомлена, адно і тое ж: “Не намі прыдумана...” — і толькі Лі-Лі ні на што і ні на каго не зважала — сядзела каля труны. Прыехала да Аліка і з ім была.
Нарэшце поп сваё адслужыў, бабы адпяялі... з дому рушылі, сталі выносіць кветкі, вянкі... вечка... панеслі труны... з нейкай прычыны ці без яе — сына першым — бацьку за ім — але выйшлі з падворка на вуліцу і падраўняліся, панеслі труны побач — працэсія трымала пасярэдзіне — тутэйшыя і прыезджыя, выпадковыя, зусім выпадковыя.. ці не?.. — Лі-Лі і Лідзія Паўлаўна, Стэфа і Зіначка, Росцік і Крабіч — чужыя?.. — Сакрат і Галіна, Гэля, Казімір на мыліцах — свае?.. — мы, лабухі, усіх прапусцілі і пайшлі ўпяцёх у самым канцы — з музыкай, з пахавальнам маршам...
Выглядала яно ўрэшце лепш, чым уяўлялася: гаспадарлівыя людзі загадзя пра смерць думаюць. Праваслаўныя і каталіцкія могілкі ляжалі на двух схілах аднаго пагорка, адны ў бок касцёла, другія ў бок царквы — раздзеленыя акуратна-невысокай агароджай, каля якой, на даўжыню магілы разгароджанай, і пахавалася маці. Побач з ёй, на каталіцкім баку, была выкапаная адна свежая магіла, і гэтаксама побач, на баку праваслаўным — другая.
“Хоць на два метры разгарадзілі...” — сказаў
Казімір.
Поп, асвянчаючы магілу сына, пырснуў употай ад сябе самога і на магілу бацькі...
Бог адзін.
Паклалі вечка на труну Аліка, пачалі плакаць... На сельскіх могілках, дзякуй Богу, не кажуць развітальных прамоў. Толькі той жа Казімір прамовіў: “Хаваем вас, можа быць, адных з апошніх беларусаў, бывайце...”
Лі-Лі не плакала дагэтуль, я ва ўсякім разе не бачыў, а тут усхліпнула, калі поп сказаў, каб развітваліся, і, як толькі накрылі Аліка вечкам, павярнулася і пайшла. Уніз з магільнага пагорка, не азіраючыся, адна.
Я ўзяў трубу.
Дзень быў гожы, ясны, сонечны — і далёка відаць было: да небасхілу і нават далей.






