А Лі-Лі ў тыя імгненні так высока нада мной, у такім далёкім космасе, што паміж намі — светлавыя гады...
Я лётчык, які не прайшоў адбор у касманаўты. Але не страчваю надзеі. Бо ў мяне ўсё ж бывалі такія палёты, такія палёты — да бязважкасці...
Зямных гадоў паміж намі дваццаць два — і ўсе з майго боку, бо Лі-Лі толькі дваццаць. І пазнаёміла мяне з ёй мая дачка, і звяла нас яна якраз для таго, чым мы зараз з Лі-Лі і займаемся. У разуменні маёй дачкі, якой чорт ведае што наплялі і мая першая жонка, і мая жонка другая, і іншыя, мне малавядомыя, жанчыны, я секс-трэнер, секс-гуру — вось так. Пра гэта яна і распавяла Лі-Лі, якой хацелася лятаць. Сказала, што ёсць у яе на прыкмеце лётны інструктар.
Як вам?..
— Давайце паспрабуем, што вам з таго станецца? — здзівілася Лі-Лі, калі я, з нечаканкі разгубіўшыся, прамаўчаў на яе прапанову пайсці і неадкладна заняцца палётным сексам. — Калі ў мяне з вамі, у вас са мной так не выйдзе, як з іншымі ў вас выходзіць, я нікому не скажу.
— Чаго ты не скажаш?.. — прыгледзеўся я да яе, бо было да чаго. Гонкая, светла-каштанавая, з вялікімі, глыбокімі і таксама каштанавымі, але смугла, прымглёна-каштанавымі і крыху затуманенымі ў глыбіні вачыма, яна за стойкай бара, дзе мы пілі каву, сядзела не сутулена, як мая дачка ды й амаль усе яны, цяперашнія, а роўненька, стройна, спінку проста і попку кругла, і нічым не сціснутыя грудзі яе тырчэлі ў бакі, страляючы па ўсім бары, і з-пад міні-спаднічкі, нават з высачэзнага, спічастага крэсла
дастаючы да падлогі, закідваліся адна на адну такія лёжкі-ляжкі, раслі ў чорных калготках такія ногі, такія ногі... — Што ў нас не выйдзе?
— Ну палёт, зоры, сонцы, космас, занябесны свет... А то я проста ці ляжу, ці стаю на карачках, соўгаюся, торгаюся — і ўсё.
— Дык занятак такі... і соўгацца... і торгацца...
— Вы, як з дурніцай якой, трындзець са мной будзеце? — паплыў туманок у яе смугла-каштанавых вачах. — Трахаемся, ці не?..
І як бы вам такое, калі б насупраць сядзела ваша дачка — і ўгаворвала б вас на тое ж, старалася для сяброўкі?.. Паспрабуйце пры дачцы ўзяць ды сяброўцы яе сказаць: добра, давай трахнемся.
Для дачкі я ні ў якім разе не зацяганы блядун, як для былых маіх жонак, а неўтаймаваны асілак, Дон-Жуан, Жыль дэ Рэц, Казанова, секс-бацька. Нейкага секс-бацьку гэта, можа, і цешыла б, але мяне цешыць не надта. Па праўдзе сказаць, зусім не цешыць. Калі я гляджу на дачку, я думаю, што я, яна і яе маці маглі б жыць нармальнай сям’ёй, але не жывём, бо я зацяганы блядун. Зрэшты, тое самае я думаю, калі гляджу на сына. Дачцы маёй, як і Лі-Лі, дваццаць, сыну шаснаццаць, і ён прызнаўся мне, што мастурбіруе, але дапамогу сябровак сястры не прымае. Гэта ён дарэмна, толькі я пакуль не прыдумаў, як яму пра тое сказаць. Сын мой для мяне заразумны, паліглот і хакер.
— Тук-тук-тук, ты вымыў струк?..






