— пытаецца з-за дзвярэй ванны Лі-Лі. Я ўпускаю яе, каб разам раскашавацца пад душам. Плаўная і струменістая, як цалавальніца-вада, Лі-Лі сцякае па мне і апускаецца на калені, але гэта ўжо толькі гульня.
— Ах! — артыстычна, з непадробным жалем ускліквае Лі-Лі і ўздрыгвае спінай з трыма радзімкамі на правым і дзвюма на левым
плячы, пяцізоркавая. — Я не толькі падрапала, я цябе ледзь не з’ела... Бедненькі... — І кладзе бедненькага на белыя зубы, і хоць і асцярожна, але ўсё ж балюча прыкусвае...
З усіх жывых істот на свеце няма істоты больш бязлітаснай, чым жанчына. Нават калі ў яе смугла-каштанавыя вочы і туманок у вачах.
Божа, як я люблю нараніцы паспаць! Тымі кароткімі, летуценнымі снамі, якія нібыта сны, а нібыта і не сны. Найлепшае, што можна адчуваць, апрача вады і жанчыны, гэта якраз дрыготкую, пульсуючую прысутнасць і непрысутнасць у свеце, стан паміж сном і явай, на іх мяжы, дзе сплятаюцца фантазіі і рэальнасць — і ты можаш доўжыць і доўжыць адно ў другім. Усё, што я ў жыцці сыграў, прыдумаў і зрабіў, ці пра мяне кажуць, што я гэта сыграў, прыдумаў і зрабіў, я ўзяў з ранішніх сноў. Але толькі не пасля жанчыны. Нехта з вялікіх мудрацоў накшталт Мао казаў: тое, што аддаеш жанчыне, забіраеш у Бога. Для мяне гэта нейкая незразумелая праўда.
Але ж у Бога ўсяго многа — і мне не шкада...
Раскашаваўшыся пад душам і памяняўшы скамечаныя і потныя прасціны на свежыя і хрумсткія, мы зарываемся ў ложак. Тыркаючыся да Лі-Лі пад паху, якая таму і паха, што пахне, і ўвесь пах жанчыны ў яе пад пахай, хай нават
дэзадарантамі прытручаны, я кручуся, выбіраючы самае ўтульнае месца, а Лі-Лі ўсё яшчэ нечага не хапае, чагосьці ёй не стае...
— Ну-у, раскажы, як ты нявіннасць страціў... Раскажы, не сонься... Ну-у, не спі, я не буду фейнічаць...
Гэта яна пра фею, з якой я нявіннасць страціў...
І што ў Лі-Лі за бзік — я ўжо колькі разоў расказваў! Першы раз расказваць не трэба было.
Пры беразе каля піянерскага лагера стаяла ў рацэ выгарадка з металічнай сеткі, каб піянеры з піянеркамі, купаючыся, не павыплывалі на рачную быстрыню і не патапіліся. Лагернае начальства больш за ўсё баялася страціць пагалоўе, бо ў тым залатым піянерскім часе за страту піянера, хай сабе нават самага засранага, любому начальству галовы адрывалі і сабакам кідалі. Гэта ўжо зараз, цяпер, у постпіянерскай прасторы так павялося, што піянеры знікаюць масава, а начальству хоць бы хрэн.
Па беразе кульгаў прыгорблены Максім Герасімавіч Блонак, папросту Блонька, старшы лагерны важаты і баяніст, які злосна зыркаў на кожнага, хто набліжаўся да сеткі, і адразу кідаўся ў пагрозлівы крык:
— Я табе падплыву! Я табе паднырну! Я табе яйцы адарву, байструк!
Яйцы ён гразіў адарваць і піянерам, і піянеркам — хто іх там у вадзе разбярэ.






