Ха! — пляснуў ён па каленях. — Усё жыццё толькі і малюся, каб з мыліцаў злезці, а хрэна! Два месяцы таму ў Кракаве быў, там зводная сястра ў мяне... Папеж іхні з Ватыкану якраз прыехаў. Мільён народу слухаць яго сабраўся, больш за мільён! Ён гаворыць ледзь чутна, а мільён народу пацеркі за ім слоўца і слоўца паўтарае! Адным дыхам!.. Больш за мільён!.. Вось што значыць, калі Бог ёсць.
Ён глынуў яшчэ і раптам спытаў, кіўнуўшы на Зіначку: “Хлапчук з-за яе застрэліўся?..” — і Зіначка, схаваўшы ў рукі твар, закрычала, я не чакаў: “Не з-за мяне! З-за дурасці! З-за нічога!..”
Казімір закаркаваў бутэльку: “Шкада... Тут у нас і пра бацьку ягонага кажуць, што дурань. Што дом — гэта дом, а гонар — нічога. Хай бы, маўляў, пліты краў, мы б у яго куплялі...”
Супакоілася Зіначка, калі выехалі з вёскі.
— Лезуць усе... Следчы сказаў, што вас пасадзяць?..
— Могуць.
— На колькі.
— На колькі захочуць...
Зіначка спытала ўперад, на дарогу:
— Можна я вас буду чакаць?..
На выездзе з Наваградка — бацька Лі-Лі, я ўспомніў, з Наваградка, адсюль у Мінск паехаў на кітайскага філософа вучыцца — тоўпіліся ўзбоч дарогі людзі, галасавалі. Я прытармазіў, адчыніў дверцу: хто ўлез — той улез. Можа, хто-небудзь з філосафаў...
Я пазіраў на іх у люстэрка. Дванаццаць чалавек. Сямёра жанок і пяцёра мужыкоў. Старэйшыя, маладзейшыя... Не сказаць, што прыгожыя, прыгожых твараў наогул мала, гэта сусветны дэфіцыт, але і не страшныя. Звычайныя... Сустракаюцца са мной позіркамі — і адразу адварочваюцца, робячы
выгляд, нібы нешта іх надта ўжо зацікавіла на дарозе. Чаму мы, сустракаючыся позіркамі, імгненна адзін ад аднаго адварочваемся?
Не давяраем адзін аднаму, хаваемся... Але ж яны мне даверыліся. Селі ў машыну. Зразумела, што ім ехаць трэба, але і даверыліся... Бо раптам я вунь з таго маста — мне жонка здрадзіла.
Алік змог бы з маста? Ці з бомбай, як Фелікс прысніўся... Каб не аднаму, а разам з усімі?
Алік ляльку прастрэліў.
Хоць што я — які Алік? Альгерд. Шляхта, блакітная кроў, калі нават не з князёў...
“Следчы казаў, што хваробы ёсць такая, псіхічная...”
Мне ўжо так не захварэць.
І ў машыне, падобна, не хворыя. Псіхічна здаровы народ.
Так, народ — хто ж яшчэ?.. І не хрэн позіркі адводзіць — ведаю я, пра што вы думаеце. І ўсю дарогу думаць будзеце, пакуль не вылезіце: колькі заплаціць? Столькі — замала, гэтулькі — зашмат. І калі я вазьму грошы, колькі дасцё, не сказаўшы нічога, тут жа падумаеце: эх, замнога... Можна было б і меней, ці за так праскочыць, ён прыпылены нейкі. А ўзбоч дарогі галасуючы, гатовыя былі нашмат болей, куды больш заплаціць, абы падабраў, падвёз...
Дык хто і што вам вінен? Прэзідэнт?.. Вы галасавалі — ён падабраў. І плаціце.
І не даверыліся вы мне, ні пры чым тут давер. Проста тупая ўпэўненасць, што я такі ж, як вы. Не дурань, каб з маста кідацца.






